Проект портала
Мемуары «Программа Калиновского» 100 лет тому назад. Как белорусские студенты учились в Европе

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918−1939)» (складальнік, аўтар прадмовы і каментароў Андрэй Буча). Дзякуючы фрагментам зборніка, якія публікуюцца ніжэй, мы можам даведацца, як і чаму беларусы трапілі менавіта ў Чэхаславакію, якія перад імі ставіліся ўмовы і як склаўся іх лёс. Піша TUT.BY. 

Андрэй Буча. Фота: асабісты архіў

Андрэй Буча. Фота: асабісты архіў

«Часовая арганізацыя гэтых ускраін — лепшы вынік, чым іх дэградацыя»

Перыяд пасля 1917 года — час вялікай беларускай эміграцыі. У наступныя чатыры гады з тэрыторыі Беларусі на Захад выехала больш за 120 тысяч чалавек.

У наступныя два дзесяцігоддзі — яшчэ ад 180 да 250 тысяч. Яны жылі ў Заходняй Беларусі, якая па выніках Рыжскага міру трапіла ў склад Польшчы, і выехалі па эканамічных прычынах.

Працоўныя эмігранты пераважна накіраваліся ў ЗША, Аргенціну, Францыю, Германію і Канаду. А вось каля 700 чалавек — ядро палітычнай і акадэмічнай эміграцыі - прыехалі ў Чэхаславакію, дзе стварылі палітычны, культурны і навукова-даследчы цэнтр беларускага замежжа.

У красавіку 1919 года ў Празе адбылася гістарычная для беларусаў сустрэча. Першы чэхаславацкі прэзідэнт Томаш Гарыг Масарык прыняў на Пражскім Градзе старшыню ўрада БНР Антона Луцкевіча. Пасля размовы з апошнім Масарык напісаў ліст да Эдварда Бенеша, кіраўніка чэхаславацкай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, падзяліўся сваім поглядам на беларускае пытанне:

— Беларуская рэспубліка з’яўляецца вынікам рускага раскладу; маглі б застацца рускімі - і баста! Як украінцы; але Расія распалася, і таму часовая арганізацыя гэтых ускраін — гэта лепшы вынік, чым іх дэградацыя ва ўмовах штучнага маскоўскага цэнтралізму! Таму мы, не пускаючыся ў доўгія дыскусіі і ўнутраную адміністрацыю, прымаем status quo. З гэтай пазіцыі я яго запэўніў, што мы ахвотна будзем з імі гандляваць і г. д.

Кіраўнікі Чэхаславакіі ставіліся да беларускай незалежнасці з пэўным скепсісам, але пайшлі насустрач беларусам. Беларуская моладзь змагла атрымаць стыпендыі ў чэхаславацкіх ВНУ.

Мікалай Вяршынін. 1934 г. З сямейнага архіва праўнучак Мікалая Вяршыніна

Мікалай Вяршынін. 1934 г. З сямейнага архіва праўнучак Мікалая Вяршыніна

Феномен беларускай Прагі паўстаў шмат у чым дзякуючы ахвярнай і руплівай працы загадкавага Міколы Вяршыніна (да гэтага часу гісторыкі не ведаюць яго сапраўднае імя). Ён быў афіцыйным прадстаўніком урада БНР у Чэхаславакіі і, як кажуць, працаваў за ідэю. Вось што ён пісаў у адным са сваіх лістоў Вацлаву Ластоўскаму (травень 1921 г.):

— Як мне не хацелася б дакучаць Вам, але нічога не магу зрабіць. Маё фінансавае палажэнне вельмі кепскае. Рэчы мае гінуць у ламбардзе і дзяржаўная праца затрымліваецца, бо я павінен з дня на дзень шукаць грошай, каб пражыць дзень.

Адно з галоўных дасягненняў Міколы Вяршыніна — арганізацыя пераезду і ўладкаванне ў чэхаславацкія ВНУ беларускай моладзі. Большасць беларускіх стыпендыятаў складалі выпускнікі Віленскай, Навагрудскай, Нясвіжска-Клецкай, Радашковіцкай беларускіх гімназій. Усяго ж у 1920−1930-я гады ў ВНУ Чэхаславакіі навучалася прыкладна 700 этнічных беларусаў (10% ад агульнай колькасці стыпендыятаў чэхаславацкага ўрада).

У чэрвені 1922 года Прагу наведаў міністр замежных спраў БНР Аляксандр Цвікевіч:

— Из разговора со студентами выяснилось, что они вполне довольны своим пребыванием в Чехословакии. Знакомство их с чешским языком, чешской литературой, наукой, техникой и национальным возрождением великой славянской страны способствует расширению их мировоззрения, наводит на сравнение с тяжелым состоянием нашей Белоруссии и будит энергию всеми силами способствовать ее всестороннему возрождению. Пребывание нашей молодежи в Чехословакии является, по нашему убеждению, наилучшим способом сближения между чешским и белорусским народами.

Умова — вярнуцца на радзіму

Вокладка кнігі «Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918−1939)»

Вокладка кнігі «Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918−1939)»

Адборам і накіраваннем юнакоў і дзяўчат на навучанне ў залатую Прагу займалася Таварыства беларускай школы ў Вільні. Кожны, хто ехаў вучыцца ў Чэхаславакію, павінен быў падпісаць наступнае абавязацельства:

«Я, прозвішча, імя і імя па бацьку, за пасланне мяне Цэнтральнай беларускай школьнай радай на вышэйшыя навукі ў Прагу абавязваюся:

1) пасля сканчэння іх вярнуцца працаваць на бацькаўшчыну;

2) дапамагчы аднаму матурысту-беларусу (матурыст — выпускнік. — Заўвага TUT.BY), вызначанаму Школьнай радай, скончыць вышэйшыя навукі за граніцай;

3) напісаць і выдаць па сваёй спецыяльнасці адну кнігу на роднай мове;

4) у выпадку невыканання гэтых пунктаў звярнуць Школьнай радзе ўсю суму стыпендыі, атрыманую за час навукі ў Празе».

Як бачым, беларускія арганізацыі, якія накіроўвалі беларускую моладзь на навучанне ў Чэхаславакію, імкнуліся падрыхтаваць там у першую чаргу кадры беларускай інтэлігенцыі. І ім гэта ўдалося. Толькі ўявіце: у 1922−1927 гадах у чэхаславацкіх універсітэтах навучалася больш заходнебеларускай моладзі, чым у ВНУ Польшчы.

Больш таго, у 1923-м беларускія эмігранты прыклалі шмат намаганняў, каб адкрыць у Празе Беларускі настаўніцкі інстытут (на ўзор рускіх і ўкраінскіх ВНУ, якія ўжо існавалі там). Шкада, што чэхаславацкія ўлады не падтрымалі гэты адукацыйны праект.

Беларус Тамаш Грыб (палітык, муж Паўліны Мядзёлкі, у мінулым — музы Янкі Купалы. — Заўвага TUT.BY) пісаў Пятру Крэчэўскаму, аднаму з кіраўнікоў БНР:

— Калі я прапанаваў Вам пакінуць Коўню і прыехаць у Прагу, то меў на ўвазе галоўным чынам арганізацыю Беларускага вучыцельскага інстытута, выцягнуць з бацькаўшчыны сотню-другую маладых людзей, даць ім магчымасць атрымаць асвету і ізноў адправіць іх на бацькаўшчыну: дактарамі, інжынерамі, адвакатамі, педагогамі, а разам — актыўнымі змагарамі за [прывярненне] волі і незалежнасці свайму народу. Беларускі вучыцельскі інстытут — гэта была б кузня, дзе выконваліся б новыя маладыя сілы рэволюцыйнай Беларусі.

«Беларускую эміграцыю можна падзяліць на два крайнія лагеры: староннікаў БССР і «дэмакратычнай» Беларусі»

Вокладка часопіса «Беларускі студэнт». Прага, 1923 г. Фота: архіў Андрэя Бучы

У 1920-я гады Прагу часта наведвалі знакавыя для беларускага нацыянальнага руху і культуры людзі. Перад беларускімі студэнтамі ў Празе выступалі Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Янка Купала і Зміцер Жылуновіч, Уладзімір Пічэта і Яўхім Карскі.

Вось што паэт Уладзімір Жылка, на той час студэнт Карлавага ўніверсітэта, напісаў пра сустрэчу з патрыярхам беларусазнаўства Яўхімам Карскім у 1924 г.:

«Па яго [Карскага] ініцыятыве адбыўся сход студэнтаў-беларусаў, дзе ён інфармаваў аб беларускай справе пад маскалямі і палажэнні ў Саветах. Сход цягнуўся гадзіны чатыры. Карскі дзяржаўся вельмі хораша і крытычна да соввлады і заставіў добрае ўражанне на прысутных сваёй незалежнасцю і нат (як не дзіўна)… беларускасцю. <…> Студэнтамі тутэйшымі застаўся задаволены, дзівіўся выказанай на сходзе свядомасці іх. Адыходзячы, казаў: «Пацешылі старога, пацешылі!»

Таксама Прагу (у межах навуковай стажыроўкі) наведаў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, які ў 1927-м сустрэўся там з беларускімі студэнтамі.

Запрашэнне на лекцыю рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. 1927 г. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Запрашэнне на лекцыю рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. 1927 г. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

— О Белоруссии в Чехии и Западной Европе фактически никто ничего не знает. Во французском славянском журнале печатаются статьи, в которых белорусская проблема рассматривается с польской точки зрения. Профессор Францев, занимающий кафедру русского языка, называет Белоруссию Западной Россией и, по словам студентов-белорусов, приходит в состояние крайнего раздражения, если студент упоминает слово Белоруссия… — пісаў ён у сваёй справаздачы.

Цікава, што па ініцыятыве прадстаўнікоў рускай эміграцыі ў 1925-м было створана Таварыства студэнтаў маларусаў і беларусаў «Адзінства рускай культуры». У дэкларацыі гэтага таварыства сцвярджалася:

— Но мы не забываем, что все мы — украинцы, кубанцы, галичане, белорусы, все — без различия политических убеждений, в то же время и русские наравне с великороссами, как баварцы и саксонцы — немцы наравне с пруссаками, провансальцы и гасконцы — французы наравне с бретонцами, тосканцы и сицилийцы — итальянцы наравне с ломбардцами.

Але высілкі былі марнымі.

Беларускія студэнты на адпачынку ў ваколіцах Прагі. 1920-я гг. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа

Беларускія студэнты на адпачынку ў ваколіцах Прагі. 1920-я гг. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа

— Уся беларуская калонія гаварыла між сабою па-беларуску як у прыватнай гутарцы, так і на сваіх студэнцкіх сходах, — пісаў адзін з актыўных дзеячаў беларускага прасавецкага студэнцкага руху ў Чэхаславакіі Мікола Шыманка.

Леанард Заяц — сябра ўрада БНР, які ў 1925 годзе выехаў з Прагі ў савецкі Мінск, так ахарактарызаваў беларускую эміграцыю ў Празе:

— Беларускую эміграцыю можна падзяліць на два крайнія, амаль роўныя па ліку лагеры: староннікаў БССР і «дэмакратычнай» Беларусі. Паміж гэтымі крайнімі групоўкамі ёсць даволі значная лічба эмігрантаў, якія стараюцца быць лаяльнымі да абодвух флангаў і найбольш цікавяцца культурнымі пытаннямі Беларусі.

Вярбоўка студэнтаў і драбленне эміграцыі

Беларускія студэнты ў Празе. 1926 г. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа.

Беларускія студэнты ў Празе. 1926 г. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа.

Увогуле беларуская эміграцыя ў Празе была дужа раз’яднана палітычна. Усяго ў 1920−1930-я гады ў Чэхаславакіі дзейнічала каля 15 беларускіх арганізацый рознай ідэйна-палітычнай накіраванасці. Паміж эмігрантамі (асабліва ў 1920-я гады) панавала палітычнае супрацьстаянне і варажнеча. Гэта не дазволіла беларусам выкарыстаць усе тыя магчымасці, якія былі прадстаўлены чэхаславацкімі ўладамі. У першую чаргу гэта тычыцца так і нерэалізаваных праектаў беларускага выдавецтва і настаўніцкага інстытута ў Празе.

Не апошнюю ролю ў «драбленні і разлажэнні» беларускай эміграцыі сыграў савецкі Мінск, які вельмі пільна сачыў за беларускай Прагай. У тым ліку з-за таго, што з восені 1923-га там знаходзіўся ўрад БНР.

У тэзісах даклада ЦК КП (б)Б пра беларускі рух за мяжой (кастрычнік 1925 г.) чытаем:

— Задачей нашей работы среди белорусской эмиграции в Праге является всемерное усиление и укрепление нашего влияния в Громаде, которая, в свою очередь, должна проводить дальнейшую вербовку белорусских студентов — выходцев с Виленщины в орбиту своего влияния. Необходимо и в дальнейшем проводить дробление среди остальной части белорусской эмиграции.

А вось вытрымкі з ліста старшыні СНК БССР Язэпа Адамовіча пра фінансаванне беларускага прасавецкага руху за межамі СССР (снежань 1925 г.):

— Совнарком БССР полагает, что вопросы белорусского движения за границей как с точки зрения политической, точно так же и финансовой следует рассматривать составной частью общесоюзной работы. В Чехословакии дальнейшее расслоение белорусской эмиграции на первое время потребует небольших сумм. Подробное наименование статей расхода указано в прилагаемой при сем смете.

«Будзеце, відаць, займаць месцы мясцовай інтэлігенцыі і будаваць рэспубліку за куфлем піва?»

Дыпламатычны пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі Марыі Крэчэўскай. 1922 г. Фота: Нацыянальны архіў Чэхіі

Дыпламатычны пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі Марыі Крэчэўскай. 1922 г. Фота: Нацыянальны архіў Чэхіі

У 1920-я гады значная частка нашых суайчыннікаў вырашылі пасля чэхаславацкіх ВНУ вяртацца не ў Заходнюю Беларусь, якая ў той час была ў складзе Польшчы, а ехаць у БССР і будаваць там, як тады казалі, беларускі дом. Відавочна, што на іх выбар паўплывалі поспехі нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва ў Савецкай Беларусі. Тых, хто вырашыў застацца ў Чэхаславакіі, рээмігрант Леанард Заяц папракаў такімі словамі:

— Што будзеце рабіць, калі скончыце вучобу? Будзеце, відаць, займаць месцы мясцовай інтэлігенцыі і будаваць рэспубліку за куфлем піва?! Сітуацыя нагэтулькі змянілася, што працаваць над стварэннем незалежнай рэспублікі тут — немагчыма, ёсць шмат працы, але на радзіме, у асяроддзі ўласнага народа.

Але ў тых, хто застаўся ў Празе, былі свая праўда і свае аргументы. Слуцкі паўстанец, а пасля паспяховы чэхаславацкі прадпрымальнік Васіль Русак у артыкуле «Голас эміграцыі» (1926 г.) пісаў:

— Эміграцыя заўжды была рэхам народа і правадніком яго вольных думак і імкненняў у шырокі свет агульначалавечага яднання. Тое, што не мог сказаць і зрабіць народ у сябе дома, па варунках сваёй ці чужацкай улады і цэнзуры, эміграцыя смела гаварыла, карыстаючыся свабодай слова за граніцай.

Беларускі стэнд на кніжнай выставе ў Празе. 1926 г. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа

Беларускі стэнд на кніжнай выставе ў Празе. 1926 г. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа

У канцы 1920-х гадоў многія беларусы вярнуліся на бацькаўшчыну (у Заходнюю Беларусь, БССР ці Латвію), хтосьці паехаў далей на захад у пошуках лепшай долі, пэўная частка засталася ў Чэхаславакіі. Новыя студэнты з Беларусі ў Прагу не ехалі, бо чэхаславацкі ўрад фактычна прыпыніў акцыю падтрымкі эміграцыі з былой Расійскай імперыі. Тыя, якія засталіся, засяродзіліся на ўладкаванні ўласнага жыцця.

Тым не менш ядро эміграцыі (гаворка ідзе пра старшыню Рады БНР Васіля Захарку) працягвала выконваць ролю «рэха народа». Яны рэгулярна выступалі ад імя беларускага народа з адозвамі і мемарандумамі, дасылаючы ў міжнародныя арганізацыі (у першую чаргу ў Лігу Нацый) і кіраўнікам розных краін адпаведныя лісты.

TUT.BY

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов