Праект партала
ВКЛ На тэрыторыі Старога замка ў Гродне археолагі знайшлі вежу часоў Вітаўта 7

У ходзе археалагічных даследаванняў, якія праводзяцца ў двары Старога замка ў рамках яго рэканструкцыі, археолагі расчысцілі фрагменты падмуркаў вежы. І фактычна са 100-працэнтнай дакладнасцю можна казаць пра тое, што гэта — вежа часоў Вітаўта, паведамляе «Гродзенская праўда».

— Гэта фрагменты падмуркаў гатычнай вежы. Мяркуючы па яе размяшчэнні і габарытах, можна казаць, што гэта, хутчэй за ўсё, вежа, намаляваная на гравюры Цюндта 16 стагоддзя. На гравюры мы бачым гатычны замак на беразе Нёмана — той, які сёння прынята называць замкам Вітаўта, — распавёў Аляксандр Хацько, старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Археолагі знайшлі найбуйнейшую з чатырох вежаў замка. На гравюры яна круглая, а вось падмурак, які адкрыўся сёння, квадратны. Як тлумачаць спецыялісты, гэта заканамерна: нашы продкі будавалі круглыя вежы менавіта на квадратных падмурках. Дарэчы, падобны ёсць у Тракайскім замку.

Вызначыць памеры вежы можна па адкрытых абрысах фрагментаў. Таўшчыня сцен — каля трох метраў, знешняя даўжыня — 13—13,75 метра. Выканана яна ў традыцыйнай муроўцы для замка, характэрнай для зямель Вялікага Княства Літоўскага: камяні, а паміж імі — запаўненне з бітай цэглы з невялікімі камянямі.

Унікальнасць знаходкі ў тым, што многія гісторыкі лакалізавалі гэтую вежу ў розных месцах. Яе часткі ўскрывалі і раней, аднак невялікія фрагменты не давалі яснасці, што гэта.

У найбліжэйшы час гісторыкам і археолагам трэба будзе больш старанна даследаваць знаходку і, магчыма, удакладніць узрост цаглін па даце іх абпалу. Гэта дазволіць даведацца, калі была пабудаваная вежа.

NN.by

Каментары
Василий Коляда / Адказаць 25.07.2020 / 10:20

Гатычныя замкі вельмі прыгожыя!

1
Жвір / Адказаць 25.07.2020 / 12:00

"характэрнай для зямель Вялікага Княства Літоўскага: камяні, а паміж імі — запаўненне з бітай цэглы з невялікімі камянямі."<------------- Гэтак будавалі ў той час паўсюль. Напрыклад замак у Цэсісе, Добэлэ, Турайдзе, Баўскі замак, паўсюдна.... Нават дамы ды гаспадарчыя пабудовы маёнткаў дробнага дваранства, якія захаваліся дасюль, складзены на такі ж капыл...

2
Ром / Адказаць 25.07.2020 / 21:04

Файна!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў